Прыгажосць пачынаецца знутры

Імкненне зрабіць жыццё і свет вакол сябе больш прыгожымі падштурхнула яе да творчай спецыяльнасці. Педагог дадатковай адукацыі Антаніна Віктараўна Траскоўская з Расон Віцебскай вобласці некалі марыла стаць візажыстам, але лёс ёй “падкінуў” не менш цікавую прафесію. Ужо больш за 14 гадоў яна вучыць дзяцей свайму любімаму занятку — лепцы з гліны. Сама выдатны майстар з тонкім густам, яна бачыць сваёй задачай не толькі даць асновы рамяства, выхаваць эстэтычна, раскрыць талент, але і праз сумесную дзейнасць максімальна адаптаваць дзяцей да заўтрашняга дарослага жыцця. У выніку ў Цэнтры дзяцей і моладзі аб’яднанне па інтарэсах “Чароўная гліна” з’яўляецца адным з самых запатрабаваных у дзяцей, прычым менавіта гэты гурток апошнім часам праслаўляе Расоншчыну праз поспехі выхаванцаў і педагога.

Антаніна Віктараўна Траскоўская з выхаванцамі.

З марамі пра візаж — у майстры, а потым — у педагогі

Антаніна Траскоўская родам з Расон, прафесію набыла ў Віцебскім прафесійна-тэхнічным каледжы, дзе асвоіла спецыяльнасць майстра мастацкай керамікі. Да таго як прыйсці ў дадатковую адукацыю, спачатку адшліфавала навыкі на фабрыцы мастацкіх вырабаў, а потым — у якасці майстра гліняных вырабаў у прыватнага прадпрымальніка. Гэты вопыт ёй спатрэбіўся і ў педагогіцы, але, каб адказаць на галоўнае пытанне: “Як навучыць таму, што сам умееш?”, трэба было да­даць і новыя веды. Педагагічныя асновы вывучала на практыцы падчас узаема­дзеяння з юнымі непаседамі.

Да яе на заняткі прыходзяць як малышы-першаклашкі, так і вучні 7—8 класаў. Да кожнага не толькі трэба знайсці падыход, паставіць розныя задачы, але і распраца­ваць праграму навучання. На першых кроках акцэнт робіцца на развіццё вобразна-прасторавага мыслення і здольнасцей аналіза­ваць прадметы праз асобныя часткі ў выглядзе простых геаметрычных фігур. Вялікую ўвагу педагог удзяляе заняткам па засваенні асноўных спосабаў, прыёмаў і відаў лепкі, а таксама азнаямленню з відамі і ўласцівасцямі гліны. Паступова дзеці знаёмяцца з лепкай полых вырабаў, прыёмамі раскочвання пластоў, уменнямі стылізаваць прадметы.

Педагог імкнецца, каб яе вучні добра ведалі гісторыю развіцця керамікі, гісторыю паходжання народнай цацкі. Важнае значэнне мае і набыццё навыкаў самаадукацыі дзецьмі, павышэнне іх актыўнасці, сама­стойнасці. Прывіваецца і паважлівае стаўленне да працы дарослых. Антаніна Віктараўна лічыць, што гэта можна зрабіць, калі ты паважаеш суседа, які побач з энтузіязмам лепіць новы выраб.

Пакаштаваць на смак… новы занятак

Аліна Кабанава — пераможца шматлікіх конкурсаў.

Педагог упэўнена, што гліна такі ўнікальны прыродны матэрыял, да якога проста нельга быць раўнадушным! Як і вада, што ўваходзіць у яе склад, пластычная гліняная маса захоўвае ў сабе ўсе эмоцыі і пачуцці чалавека, які да яе дакрануўся. І ў гэтым яе чароўнасць, бо гліняныя вырабы, нібы скарбонкі, нясуць непаўторную энергетыку май­стра. З першых хвілін знаёмства Антаніна Віктараўна вядзе сваіх вучняў за руку ў казачны свет гліны, і яны з задавальненнем уключаюцца ў яе гульню. Інакш не выходзіць, бо сённяшніх дзяцей, перад тым як наву­чыць чамусьці новаму, трэба ўключыць у рэальнасць, вырваўшы з віртуальнага свету.

— Нават дзесяць гадоў назад дзеці адразу былі гатовы асвойваць новую інфармацыю, а сёння ўсё па-іншаму. Трэба іх уразіць, прыцягнуўшы ўвагу нечым незвычайным. А пра гліну не трэба складаць легенды, яна сама за сябе гаворыць. Бярэш у рукі выраб з гліны і не можаш адарваць позірк, не хочаш выпускаць з рук — усе творы майстра нібы размаўляюць з табой, — расказвае педагог.

Пры гэтым, аднойчы прыцягнуўшы цікавасць да свайго гуртка, Антаніна Віктараўна ніколі не настойвае, каб дзеці наведвалі толькі яе аб’яднанне. Яна просіць іх прыглядзецца да новай справы, пакаштаваць яе на смак, прымерыць яе да свайго характару. Педагог лічыць, што не трэба спяшацца, лепш паступова пры­маць у сваё жыццё нешта новае, тады працэс знаёмства будзе больш захапляльным і ненадакучлівым.

— Я не прыхільніца нешта навя­з­ваць дзецям, у гэтым плюс наведвання аб’яднання — яно ж па інтарэсах. Таму трэба сфарміраваць той самы інтарэс, а потым ужо брацца сур’ёзна за справу. Ведаеце, я веру, што кожны, хто хоча, можа асвоіць гліну, але ён сам павінен вырашыць, ці патрэбна яму гэта. Я гавару сваім выхаванцам, што майстроў з залатымі рукамі не так многа, і не трэба кожнаму быць такім. А тых, хто навучыцца рабіць сувеніры, каб падарыць іх маці на свята, ці хоча асвоіць гліну для асабістай асалоды адчування сябе творцам, можна навучыць асно­вам рамяства, — працягвае Антаніна Віктараўна.

Асабісты прыклад і тонкасці майстэрства

Здаецца, гэты чалавек заўсёды з усме­шкай, заўсёды ў настроі. Сваім акуратным макіяжам і з густам падабраным вобразам яна падкрэслівае, што жаноцкасць і дагле­джаны выгляд — неабходныя складальнікі вобраза педагога, тым больш творчага напрамку. Так што першым уражаннем педагог бурыць бар’ер у зносінах з дзецьмі, выклікае жаданне пазнаёміцца бліжэй. Утульна і ў кабінеце аб’яднання. Позірк прыцягваюць шматлікія вырабы з гліны як самой выкладчыцы, так і яе навучэнцаў.

— У нас у цэнтры створаны амаль ідэаль­ныя ўмовы для работы аб’яднання. Добра абсталяваны кабінет, адразу набылі спецыяльную печ для абпалу будучых гліняных вырабаў, ёсць асобнае памяшканне са стэлажамі для сушкі загатовак. У мінулым навучальным годзе з’явіўся спецыяльны ганчарны круг для выканання больш значных вырабаў. Апошні даў магчымасць нават зрабіць платнае аб’яднанне, якое могуць наведваць не толькі дзеці, але і дарослыя, — з энтузіязмам гаво­рыць А.Траскоўская.

Не закідвае яна любімы занятак і як майстар па кераміцы: у вольны час лепіць гліняныя вырабы па сваіх эскізах, рэалізоўвае творчыя задумы. Можа да глыбокай ночы ляпіць вазачкі, ліхтарыкі, графіны, збанкі, вырабляць незвычайныя пано, фігуркі будынкаў. Калі ёсць магчымасць, са сваімі работамі выязджае на народныя святы, фестывалі, выставы народнай творчасці. Ды і ў Расонах яна майстар вядомы, яе творы на выставах-продажах разлятаюцца ў адзін момант.

Пра гліну і работу Антаніна Віктараўна можа расказ­ваць га­дзінамі, і дзеці слухаюць яе з цікавасцю.

— Ведаеце, у старажытныя часы, калі майстэрства перадавалася з пакалення ў пакаленне, бацька нарыхтоўваў гліну для сваіх дзяцей. З цягам часу гэты матэрыял становіцца больш пластычным і цэніцца больш. А вось сам працэс творчасці — рэч непрадказальная. Колькі часу ідзе на стварэнне аднаго вырабу? Бывае па-рознаму: часам гліна сама дыктуе, што зрабіць з гэтага кавалка, а часам у галаве майстра нараджаецца ідэя і паступова, пакуль рыхтуецца гліна, афармляецца ў канкрэтны выраб.

Для таго каб рабіць гліняныя рэчы на ганчарным крузе, гліну трэба добра абмяц­ь, каб не было паветра. Потым на крузе “выкручваецца” задуманы па форме выраб. Пакуль круціш, трэба гліну палі­ваць вадой, каб яна не прыліпала да рук.

Для работы з глінай ідуць падручныя сродкі: прыгожы тэкстыль, гузікі, розныя рыфлёныя штучкі, расліны. Нао­гул, гліна — матэрыял, які можна спалу­чаць з іншымі: тканіна, каменьчыкі, шкло, ракавінкі, на яе можна нанесці фарбы. Можна навучыцца рабіць шкляныя дэталі для ўпрыгожвання вырабаў, спецыяльна растапляючы і пасля абпальваючы шкло, — тлумачыць Антаніна Віктараўна.

Эстэтыка плюс дабрыня

Сёння яна педагог са стажам, мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. Прафесійны ўзровень яна рэгулярна пацвярджае разам з выхаванцамі праз паспяховы ўдзел у конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроў­ню. Толькі за мінулы навучальны год работы юных май­строў аб’яднання “Чароўная гліна” адзначаны дыпломамі за ўдзе­л у абласных этапах рэспубліканскіх конкурсаў 6 разоў, прычым у асноўным гэта 1-я ці 2-я месцы сярод пераможцаў.

— Ведаеце, дыпломы і перамогі — гэта, канечне, прыемна, але гэта бонус. Так, ёсць магчымасць прадэманстраваць свае ўменні, праявіць творчыя здольнасці. Для вясковых дзяцей гэта яшчэ і шанс пашырыць свае гарызонты: пазнаёміцца з вялікім горадам, набыць новых сяброў з іншых куткоў вобласці і нават краіны, пабачыць іншую эстэтыку, культуру зносін, побыту, — агучвае свае меркаванні А.Траскоўская.

Педагог лічыць, што новае пакаленне больш захоплена гаджэтамі, у дзяцей кліпавае ўспрыманне, ім вельмі цяжка сканцэнтравацца, а ў выніку — паставіць перад сабой рэальныя мэты, таму складана даходзіць да канчатковых вынікаў. А праз рамяство хлопчыкі і дзяўчынкі набываюць такія якасці, як уседлівасць, акуратнасць, а яшчэ развіва­юць уменні думаць, аналізаваць, прагназаваць. Гэта не толькі важна для творчага працэсу, але і спатрэбіцца ім у дарослым жыцці.

— А самае галоўнае, што дзеці праз мае заняткі вучацца ўзаемадзеянню ў калектыве, бо сёння ім не хапае звычайнага вопыту камунікацыі з аднагодкамі. Як гэта ні высакамоўна гучыць, я вельмі хачу не толькі прывіць ім эстэтыку, любоў да ўсяго прыгожага, але, як і ўсе педагогі нашага цэнтра, стараюся выхаваць у іх дабрыню, спагадлівасць, уменне прыходзіць на дапамогу адно аднаму. Ніхто не будзе спрачацца, што добры чалавек заўсёды адкрыты да прыгажосці, бо яна пачынаецца знутры, — падагульняе Анта­ніна Віктараўна.

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота з асабістага архіва Антаніны Траскоўскай
.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *