Не збаўляючы інавацыйнага тэмпу

Калектыў ясляў-сада № 111 Віцебска па выніках работы за 2019 год прызнаны лепшай установай дашкольнай адукацыі ў Беларусі. Сёлета загадчыца сада Святлана Леанідаўна Мяснікава ўдастоена ганаровага звання “Віцяблянін года — 2020” у намінацыі “Грамадскае прызнанне”. Да Дня настаўніка педагог атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі. Святлана Леанідаўна адзначае, што ўзнагароды радуюць, але і не даюць расслабіцца, спыніцца на дасягнутым. Пералічваць праекты, якімі займаецца ўстанова і яе супрацоўнікі, конкурсы, у якіх яны ўдзельнічаюць і атрымліваюць перамогі, можна доўга.

Аб прафесіі педагога Святлана Леанідаўна марыла з дзяцінства. Яе бацькі працавалі ў аддзеле адукацыі. Тата, начальнік гаспадарчай групы, часта браў дачку з сабой у паездкі па школах. Святлана Мяснікава ўладкавалася працаваць у дзіцячы сад, калі вучылася на 5 курсе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, дзе атрымлівала спецыяльнасць “Педагогіка і методыка пачатковага навучання, выяўленчага мастацтва і музыкі”. У далейшым спрабавала сябе ў розных прафесіях, але вярнулася да дашкольнікаў. За будаўніцтвам ясляў-сада № 111 яна назірала з акна сваёй кватэры і, напэўна, марыла пра тое, каб працаваць у такой прыгожай, прасторнай, сучаснай установе. У той момант яна працавала намеснікам загадчыка ў дзіцячым садзе № 89 Віцебска, а таксама вучылася на курсах перападрыхтоўкі ў АПА па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, пазашкольнага выхавання”. Нечакана ў 2012 годзе загадчыца сада-новабудоўлі Ірына Міхайлаўна Мігалевіч запрасіла Святлану Леанідаўну стаць яе намеснікам. Разам калегі задалі высокі тэмп работы сваёй педагагічнай камандзе, натхняючы яе на рэалізацыю цікавых праектаў.
“Быць добрым кіраўніком установы адукацыі — гэта быць адначасова і педагогам, і псіхолагам, і эканамістам, і будаўніком, і бухгалтарам, — адзначае Святлана Леанідаўна. — Столькі розных пытанняў даводзіцца вырашаць штодня. Але галоўным для мяне заўсёды будзе адукацыйны працэс і яго асноўная мэта — развіццё асобы дзіцяці”.
Сёння яслі-сад № 111 Віцебска з’яўляецца базавай установай для правядзення метадычных аб’яднанняў і семінараў раённага, гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У маі 2018 года калектыў установы завяршыў работу над рэалізацыяй абласнога праекта “Укараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс дашкольнай установы”. У выніку Святлана Леанідаўна стварыла камп’ютарны пазнавальна-гульнявы комплекс для дзяцей 5—7 гадоў “Мая Беларусь”. У ім два галоўныя героі — Васілёк і Васілінка, апранутыя ў беларускае нацыянальнае адзенне. Дадзены комплекс атрымаў 1-е месца ў абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і 1-е месца на Рэспубліканскім фестывалі метадычных ідэй “Інтэрактыўны калейдаскоп” у намінацыі “Інтэрактыўных спраў майстар у асяроддзі RM Easiteach Next Generation — дашкольная і пачатковая адукацыя” і ў намінацыі “Інтэрактыўных спраў майстар — гісторыя поспеху выкарыстання інтэрактыўнага абсталявання ва ўстанове адукацыі”.

З 2018 года калектыў сада прымае ўдзел у рэалізацыі абласнога творчага праекта “Укараненне методыкі старытэйлінгу як сродку развіцця ключавых кампетэнцый дзяцей 4—7 гадоў”. Старытэйлінг — гэта ўменне складаць і прыгожа прадстаўляць пэўную гісторыю, творчы праект, напрыклад, візуалізаваць аповед з дапамогай малюнкаў або лялек. У рамках праекта ўстанова далучылася да работы па развіцці беларускага маўлення ў выхаванцаў праз тэатральную дзейнасць. У 2019 годзе ў садзе была выдадзена кніга “Васіль і Васілінка ў краіне дзяцінства”, у якой сабраны аўтарскія творы на беларускай мове (апавяданні, казкі, вершы), напісаныя бацькамі выхаванцаў, бабулямі і дзядулямі, а таксама супрацоўнікамі дзіцячага сада. Ілюстрацыі да выдання зрабіла мама выхаванкі Алісы Каваленка. А сапраўдныя рука-дзельніцы — супрацоўніцы ўстановы — зрабілі роставых і марыянетачных лялек Васілька і Васілінку, якіх педагогі выкарыстоўваюць на занятках, святах і забавах.
Ва ўстанове рэалізуецца творчы праект “Беларускі скарб”, накіраваны на папулярызацыю беларускага батлеечнага мастацтва. Выхаванка старшай групы Маша Малаткова правяла даследчую работу па тэме “Чаму батлейка — скарб беларускай культуры?”, з якой выступіла на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” у намінацыі “Мая Радзіма — Беларусь”. Маша заваявала дыпломы І ступені на раённым і абласным этапах конкурсу і прыняла ўдзел у фінале, дзе заняла 4-е месца. У студзені 2020 года ў садзе былі выраблены батлеечныя лялькі, распрацаваны і паказаны новы спектакль для дзяцей “Калядная зорка”. З’явілася ідэя стварэння мабільнага батлеечнага тэатра і рэалізацыі праекта “Беларуская батлейка — дзецям”, у рамках якога творчая група педагогаў сада будзе знаёміць з батлеечным мастацтвам выхаванцаў і навучэнцаў іншых устаноў адукацыі Віцебска. Сёлета каманда ясляў-сада № 111 Віцебска ўвайшла ў лік 17 фіналістаў пятнаццатага сезона конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, дзе прадставіла праект “Беларускi скарб”. Па выніках народнага галасавання ўстанова заняла 1-е месца і атрымала прыз глядацкіх сімпатый.
Калектыў ясляў-сада № 111 Віцебска малады і творчы. Педагогі прымаюць актыўны ўдзел у метадычных, творчых і спартыўных мерапрыемствах. Загадчыца сада сама заўсёды ў ліку першых удзельнікаў такіх мерапрыемстваў. Летась на лыжных гонках сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна Святлана Леанідаўна заняла 3-е месца. Прыгожыя кампазіцыі ў памяшканні ўстановы — замкі з каменьчыкаў на бетонных падмурках і гномы, музейны комплекс “Горад дзяцінства” з пастаянна дзеючай выставай “Мая Беларусь” і зменнымі міні-выставамі, куток “Віцебск алімпійскі” з фотаздымкамі, гісторыямі, медалямі і кубкамі — вынік творчай работы загадчыцы, яе намесніка па гаспадарчай рабоце і педагогаў. Руплівымі рукамі супрацоўнікаў установы на вулічнай тэрыторыі створаны малыя архітэктурныя формы ў выглядзе малюнка сэрца з тэкстам (Я люблю 111), метэапляцоўка з флюгерамі, сонечным гадзіннікам, зонай для фіксацыі назіранняў за надвор’ем і вертыкальным міні-агародам. У гэтым годзе ў рамках раённых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці быў арганізаваны праект па стварэнні адпаведнага асяроддзя на тэрыторыі ўстановы “Мой сад — мая Радзіма”. Зроблена вялікая вынасная гульня-пазл “Я люблю Беларусь”. На асфальце намаляваны контур нашай краіны памерам прыкладна 1,5 на 1,5 метра. Дзеці выкладваюць з пластыкавых дэталяў-абласцей карту Беларусі, расстаўляюць шыльды з назвамі абласных цэнтраў і славутасцей. Выхавальніца Наталля Цярэшка на сценах веранд уздоўж цэнтральнага ўвахода стварыла серыю графіці “Віцебск”, дзе намаляваны Ратуша, амфітэатр, тэатр Якуба Коласа, плошча Перамогі (тры штыкі). Выраблены вялікія пластыкавыя фігуры Васілька і Васілінкі і фотазона “Я люблю Віцебск”.
Калектыў ясляў-сада № 111 Віцебска не збаўляе інавацыйнага тэмпу. Зараз ён працуе над праектам “Інфарматыка без разеткі” сумесна з Віцебскім ІРА і ПВТ. Пачаў рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне комплексу лічбавых рэсурсаў бесперапыннай прафесійнай адукацыі выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: