Найважнейшы складнік — кампетэнцыі педагога

Арганізацыю адукацыйнага працэсу на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі абмеркавалі педагогі на двухдзённым семінары (вучэбных курсах) у Віцебску.

Семінар быў арганізаваны абласным інстытутам развіцця адукацыі для настаўнікаў пачатковых класаў і настаўнікаў-дэфектолагаў. У рабоце прынялі ўдзел прадстаў­нікі Бешанковіцкага, Віцебскага, Глыбоцкага, Расонскага, Талачынскага, Шумілінскага раёнаў, Віцебска і Наваполацка.

— Уявіце сабе: мы з вамі трапілі ў краіну, дзе ніхто не размаўляе на вашай мове і вы не разумееце ні слова з пачутага. Вы хочаце есці або ў вас нешта баліць, але вы не ведаеце, як пра гэта сказаць. Так адчувае сябе дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — метадыст цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і аналізу яе якасці ВАІРА Ала Пашкевіч вобразна патлумачыла актуальнасць вынесеных на парадак дня пытанняў. — Іншая сітуа­цыя: у вас цудоўная памяц­ь, вы ўмееце гаварыць, пісаць, лічыць, аднак баіцеся выйсці на вуліцу, да людзей. Таму што вам, каб супакоіцца, трэба проста патрэсці рукамі перад тварам. А ўсіх, хто знаходзіцца побач, гэтае дзеянне раздражняе: на вас адразу пачынаюц­ь крычаць, нібыта вы не ўмееце сябе паводзіць. Так адчувае сябе чалавек з псіхафізічнымі парушэннямі. Мы можам дапамагчы гэтым людзям, калі будзем больш цярплівымі, уважлівымі, добрымі, спагадлівымі да іх лёсу. Тады і яны захочуць і навучацца кантактавац­ь з намі. Інтэграцыя як форма арганізацыі адукацыйнага працэсу, пры якой навучанне і выхаванне дзяцей з АПФР і не маючых такіх парушэнняў ажыццяўляецца сумесна ў адукацыйнай установе, — вельмі запатрабаваны напрамак. Гэта дазваляе дзіцяці жыць у сям’і, а бацькам — разам з педагогамі актыўна ўдзельнічац­ь у выхаванні і развіцці свайго сына ці дачкі. Важным складнікам тут з’яўляецца прафесійны ўзровень педагога, яго здольнасць працаваць з такімі навучэнцамі, эфектыўна арганізаваць адукацыйны працэс, каб пры гэтым было камфортна і дзецям, якія вучацца па агульнаадукацыйных праграмах, і дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Размова ў тым ліку пра такія прафесійныя і сацыяльна-асобасныя кампетэнцыі, як веданне спецыфічных заканамернасцей развіцця дзяцей з АПФР для ўсіх катэгорый, уменне адаптаваць вучэбны матэрыял да адукацыйных патрэб кожнага навучэнца, адэкватна ацэньваць вучэбную дзейнасць дзіцяці з АПФР, заў­важаць і падкрэсліваць магчымасці такіх навучэнцаў на розных этапах дзейнасці, ствараць сітуацыю поспеху, фарміраваць талерантныя адносіны да дзяцей з АПФР і аказваць дапамогу бацькам па пытаннях навучання і выхавання.

Значную падтрымку ў правядзенні семінара аказаў абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Яго дырэктар Марынэ Фёдарава азнаёміла слухачоў з нарматыўна-прававой дакументацыя­й, што рэгламентуе дзейнасць настаўнікаў пачатковай школы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры арганізацыі работы з дзецьмі з АПФР, праінфармавала аб адметнасцях адукацыйнага працэсу ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Педагог-псіхолаг цэнтра Наталля Князева расказала аб арганізацыі адукацыйнага асяроддзя для асоб з парушэннямі аўтыстычнага спектра ва ўмовах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Наталля Бабуськіна засяродзіла ўвагу на метадычным забеспячэнні як фактары павышэння якасці інтэграванага навучання і выхавання.

Семінар быў нацэлены на практыка-арыентаваную пад­рыхтоўку слухачоў. З вопытам па апрабацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР выступілі прадстаўнікі Кастрычніцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна, якая з 2018/2019 на­вучальнага года з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай рэспубліканскага праекта. Настаўніца пачатковых класаў Алена Вінакурава і настаўнік-дэфектолаг Вольга Лобань расказалі аб кампетэнтасным падыхо­дзе да адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, далучэнні іх да тэатральнай дзейнасці, пазакласнай і пазаўрочнай работы, а таксама прапанавалі для прагляду з наступным аналізам фрагменты відэаўрокаў. У завяршэнне са слухачамі былі праведзены практычныя заняткі “Выкарыстанне інтэрактыўных групавых форм работы з дзецьмі з АПФР”. Напрацоўкамі па выкарыстанні адаптаваных практыкаванняў (гекса) у карэкцыйнай рабоце па развіцці маўлення дзяцей малодшага школьнага ўзросту падзялілася настаўнік-дэфектолаг гімна­зіі № 2 Наваполацка Аксана Наўроцкая. Акцэнт на ролі бацькоўскай кампетэнт­насці, неабходнасці яе павышэння зрабіла педагог-псіхолаг гімназіі № 2 Віцебска Вольга Іванова, якая прадставіла шэраг інтэрактыўных групавых форм работы з сем’ямі, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі псіха­фізічнага развіцця.

— Вынікі семінара паказваюць запатрабаванасць падобных мерапрыемстваў з практычнай накіраванасцю, — адзначыла  Ала Пашкевіч. — З дапамогай атрыманых ведаў педагогі змогуць удасканаліць сваю работу, трансліраваць гэтыя веды ва ўстановах адукацыі і сярод бацькоўскай грамадскасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *