Мы розныя, але мы разам!

Дзіцячы аздараўленчы лагер “Дружныя рабяты” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі размешчаны ў маляўнічым кутку Прыдзвіння непадалёк пасёлка Барвін Перавоз. Гэтым летам у лагеры праведзены 4 профільныя 18-дзённыя змены і працягваецца профільная 9-дзённая, аздараўленне прайшлі і праходзяць зараз 843 дзіцяці.

Дружныя ў спорце і цікавых калектыўных справах

З першых крокаў было бачна: сёння тут галоўная падзея дня — спартыўныя спаборніцтвы, прычым лагер прымае гасцей. І неўзабаве пачалося: па камандзе ўсе сабраліся на пастраенне, дзе перад хлопцамі і дзяўчатамі паўсталі самыя вядомыя персанажы старажытнагрэчаскага пантэона. Сам грамавержац Зеўс (у яго ролі выступіў выхавальнік Дзмітрый Прыстаўка) урачыста запаліў сімвалічны агонь і абвясціў пачатак Малых Алімпійскіх гульняў. У турніры прынялі ўдзел каманды “Дружных рабят”, профільнага палатачнага лагера “Віцязь”, а таксама навучэнцаў з Першамайскага раёна Віцебска з ліку непаўналетніх, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Як паведаміла намеснік начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Першамайскага раёна Віцебска Вольга Чарняўская, з дзецьмі і падлеткамі раёна, якія знаходзяцца на розных формах уліку, у летні перыяд ажыццяўляецца пастаянная работа. Яна накіравана на прафілактыку супрацьпраўных дзеянняў, патрыятычнае выхаванне, далучэнне да здаровага ладу жыцця, развіццё ў спорце, творчасці і карысных грамадскіх справах, фарміраванне сістэмы маральна-духоўных каштоўнасцей і станоўчай мадэлі паводзін. Летнія канікулы павінны пакінуць многа добрых успамінаў і ўражанняў, таму вялікія мерапрыемствы наладжваюцца штотыдзень. Сярод самых запамінальных старонак лета-2021 — паход і ўборка лесу ад смецця паблізу вёскі Шпілі, гульня ў лазертаг, турнір па падцягванні на тэрыторыі сярэдняй школы № 47, сумесны з навучэнцамі сярэдняй школы № 47 конкурс малюнкаў супраць злачынстваў і наркаманіі. Большасць ініцыятыў рэалізуецца ў цесным узаемадзеянні з сацыяльнымі партнёрамі і найчасцей — з раённай арганізацыяй Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У каманду раёна на Малых Алімпійскіх гульнях увайшлі 10 чалавек — школьнікі і навучэнцы каледжаў ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў.

— Мы падрыхтавалі спецыяльныя прызы для пераможцаў і памятныя прызы для ўдзельнікаў спаборніцтваў, — расказала другі сакратар Першамайскага райкама БРСМ Віцебска Інга Міхайлава. — Падобныя мерапрыемствы каштоўныя не толькі з пункту гледжання карыснай занятасці падлеткаў, раскрыцця асабістага патэнцыялу і фарміравання навыкаў калектыўнай дзейнасці, але і ў якасці станоўчага арыенціра для кожнага з іх. Спадзяюся, нехта ўпэўніцца ў рашэнні ўсур’ёз заняцца спартыўнымі трэніроўкамі. Або, магчыма (тым больш пасля таго, як яны ўсёй камандай увачавідкі пераканаліся, як крута адпачываецца ў “Дружных рабятах”), захоча наступным летам паехаць у гэты лагер. Ці запішацца ў аб’яднанне па інтарэсах — таксама здорава. У сваю чаргу мы працягваем супрацоўніцтва з ІCН. Так, у верасні на базе адной са школ раёна плануем маштабнае маладзёжнае спартыўнае свята з каманднымі спаборніцтвамі — будзе цікава! 

Цяперашнія спаборніцтвы таксама запомняцца надоўга ўсім, хто меў да іх дачыненне. Балельшчыкі азартна падтрымлівалі сваіх, удзельнікі каманд перажывалі не менш і з усіх сіл змагаліся за перамогу: настрой панаваў бадзёры. І вясёлы, таму што арганізатары, акрамя знаёмых спартыўных практыкаванняў, прапанавалі нечаканыя жартоўныя заданні на спрыт і хуткасць. Аднак, як заўсёды на Алімпійскіх гульнях, героямі турніру сталі прадстаўнікі лідарскай тройкі. У яе ўвайшлі абедзве каманды гаспадароў: “Дружныя рабяты-2” і “Дружныя рабяты-1” — занялі адпаведна 1-е і 3-е месцы. 2-е месца ва ўпартай барацьбе заваявалі госці з Першамайскага раёна. 

— Карысная занятасць цяжкіх падлеткаў, вучэбна-метадычнае забеспячэнне азначанай работы ў сістэме дадатковай адукацыі рэгіёна — сярод прыярытэтных напрамкаў нашай дзейнасці, — засяродзіў увагу дырэктар Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў. — Мы працуем комплексна на працягу навучальнага года і ў канікулярны час. Так, летась разам з ІCН запрасілі непаўналетніх з Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў Віцебска, у дачыненні да каго ажыццяўляецца індывідуальная прафілактычная работа, да сябе ў палац. Арганізавалі для іх яркія прэзентацыі аб’яднанняў па інтарэсах, правялі экскурсіі: зацікаўленасць была відавочнай, асабліва праграмаваннем, турызмам, заняткамі ў трэнажорнай зале. У выніку некалькі чалавек сталі нашымі навучэнцамі, што вельмі радуе. Малыя Алімпійскія гульні ў “Дружных рабятах” — з’ява таго ж парадку. Прыведзеныя прыклады прыватныя, а ў цэлым мы сумесна з сацыяльнымі партнёрамі працуем над стварэннем эфектыўнай рабочай мадэлі, назапашваем і сістэматызуем адпаведны тэарэтычны і практычны эксперыментальны матэрыял, каб потым далей распаўсюдзіць яго ў рэгіёны і пашырыць тыя напрамкі дадатковай адукацыі, якія найбольш прывабліваюць гэтых дзяцей і моладзь.

Таленавітыя і актыўныя

Навучэнцы ў “Дружных рабятах” пражываюць у трох сучасных двухпавярховых карпусах з камфартабельнымі нумарамі на 4 месцы кожны. Якаснае харчаванне — абавязковая ўмова летняга аздараўлення. Кухары спраўляюцца з пастаўленымі перад імі задачамі на выдатна. Дзецям падабаюцца дзве з густам афомленыя прасторныя залы сталовай, дзе іх штодня чакае смачнае і разнастайнае меню. 

Безумоўныя прыярытэты летняга адпачынку — спорт і здаровы лад жыцця. У лагеры абсталяваны валейбольная, баскетбольная, футбольная пляцоўкі, спартыўны стадыён, корт для настольнага тэніса (кожны спартыўны аб’ект забяспечаны адпаведным інвентаром), дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Як праінфармавала начальнік лагера Ірына Старавойтава, на ўмацаванне здароўя, фізічнай формы дзяцей і моладзі ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі, развіццё фізкультуры і спорту нацэлены вялікі комплекс фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Добрай традыцыяй сталі Малыя Алімпійскія гульні са спаборніцтвамі па футболе, піянерболе, лёгкай атлетыцы, з прыгодніцкімі пошукамі скарбу з прымяненнем навыкаў спартыўнага арыентавання. Кожны атрад прыўносіць у любімае спартыўнае свята сваю ўнікальнасць: так, на другой змене гэта былі выступленні юных гімнастак і акрабатаў. Папулярнасцю ў выхаванцаў заўсёды карыстаюцца спартландыі “Дарослыя і дзеці”, “Мама — тата — я!”, панарама рухавых гульняў “Шырэй кола!”, конкурсная праграма “Джунглі клічуць!”, турніры па шашках і шахматах, футболе, валейболе і піянерболе. Культурна-масавыя мерапрыемствы праходзяць на свежым паветры або ў клубе, дзе ёсць і танцавальнае фае, і актавая зала, і ўся неабходная апаратура, у тым ліку мультымедыйная ўстаноўка для суправаджэння танцавальна-забаўляльных праграм. 

— Гэтым летам у лагеры рэалізоўваецца план работы “Мы розныя, але мы разам!”, — адзначыла Ірына Старавойтава. — Ён заснаваны на ідэі тэматычных дзён і прадугледжвае шэраг разнастайных мерапрыемстваў. Дзеці з захапленнем удзельнічаюць у конкурсе-прэзентацыі атрадных куткоў, конкурсе мабільнага кіно “Фільм-мабіль”, квест-гульнях “Прывітанне, лагер!”, “100 пытанняў пра Беларусь” і “Калейдаскоп прыгод”, гульнях па станцыях “Рэкорды “Дружных рабят”, “Калейдаскоп талентаў”. Сапраўдны, у пазітыўным сэнсе гэтага слова, ажыятаж выклікаюць конкурсныя праграмы атраднай песні “Дружнае “Еўрабачанне”, конкурсы вакальных і танцавальных шоу, грацыі і артыстычнага майстэрства, касцюмаў з нетрадыцыйных матэрыялаў і авангарднай моды “Модны прысуд”, малюнкаў і плакатаў “Здароўе — гэта модна!”, #погляд_з_дзяцінства і многія іншыя. Даспадобы выхаванцам яркія выязныя паказы Беларускага тэатра “Лялька” і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Вельмі падабаюцца нашы майстар-класы “Прырода і фантазія”, эканамічная гульня “Вясёлы Арбат”, арыгінальны флэш-моб “Новае пакаленне” і, канечне ж, незабыўныя важацкая казка і вогнішча сяброўства. Характэрна, што разам з абавязковымі аздараўленчым, адукацыйным і забаўляльным азначаныя мерапрыемствы ўтрымліваюць моцны выхаваўча-ідэалагічны складнік, маюць выразную грамадзянска-патрыятычную накіраванасць. Безумоўна, мы стараемся задзейнічаць гэта як мага больш шырока і эфектыўна.

Яскравым узорам практычнага выкарыстання напрацовак педагогаў палаца ў названым напрамку могуць паслужыць конкурсная праграма “Аты-баты, ішлі салдаты”, конкурсы малюнкаў “Мы за мір на блакітнай планеце” і малюнкаў на асфальце “Беларусь сінявокая”, плакатаў “Быць здаровым здорава”, гутаркі “Гэтых дзён не змоўкне слава”, “Мая Радзіма — Беларусь”. 3 ліпеня ў “Дружных рабятах” адбыліся прысвечаная Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь урачыстая лінейка і выдатны канцэрт, у ходзе якога лагер далучыўся да акцыі “Праспяваем гімн разам”, а ў завяршэнне святочнай праграмы моладзі прапанавалі квест-гульню “50 пытанняў пра Беларусь”. Свята Івана Купалы тут адзначылі купальскім вогнішчам і феерычнай забаўляльнай праграмай “У пошуках папараць-кветкі”: удзельнікі ўспаміналі народныя абрады і традыцыі, наладжвалі карагоды, спявалі, танцавалі, плялі купальскія вянкі і, зразумела, дружна змаглі пераадолець усе выпрабаванні, каб знайсці запаветную кветку шчасця. Прывабныя для дзяцей і эфектыўныя формы атрымліваюцца дзякуючы партнёрству з праваахоўнымі структурамі, напрыклад: вучэбная інтэрактыўная гульня і тэатралізаваная праграма па правілах дарожнага руху, якую правялі супрацоўнікі аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама, сустрэча з прадстаўнікамі Першамайскага (г.Віцебска) Дэпартамента аховы МУС і знаёмства з работай кінолагаў са службовымі сабакамі, арганізаваныя супрацоўнікамі Віцебскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях інтэрактыўныя гульні “Краіна бяспекі” і “Код 112”.

Творчыя і паспяховыя

Адна са змен у “Дружных рабятах” традыцыйна аб’ядноўвае высокаматываваных дзяцей і падлеткаў рэгіёна. У папярэднія гады ў лагеры збіраліся лепшыя навучэнцы — удзельнікі алімпіяднага руху, маладзёжныя лідары. Сёлета акцэнт зроблены на раскрыцці творчага патэнцыялу арганізатараў культурнага правядзення вольнага часу. Як праінфармавала начальнік лагера, праграма змены адпавядае запытам моладзі ў фарміраванні кампетэнцый творчай асобы, садзейнічае далучэнню да карысных спраў, развіццю арганізатарскіх здольнасцей і лідарскіх якасцей, а таксама прафілактыцы асацыяльных паводзін, умацаванню фізічнага і псіхічнага здароўя навучэнцаў, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у рэалізацыі творчых праектаў, арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў вучэбна-забаўляльнай і спартыўнай накіраванасці. У рамках жнівеньскай профільнай шоу-школы “Поспех-2021” выхаванцы набываюць новыя веды, удасканальваюць навыкі і павышаюць майстэрства па папулярных і запатрабаваных у маладзёжным асяроддзі напрамках: дыджэінг, акцёрскае майстэрства, харэаграфія, КВЗ, анімацыя. У кожнага ёсць магчымасць знайсці справу, у якой яго прыродныя задаткі атрымаюць найлепшае ўвасабленне, а сам ён адчуе сябе паспяховай, упэўненай ва ўласных сілах асобай. 

— Паспяхова і крэатыўна ўвасобіць усе задуманыя ідэі, а на апошняй змене — ажыццявіць такую маштабную вучобу стала магчыма найперш дзякуючы дружнай і кампетэнтнай педагагічнай камандзе, — падкрэсліла Ірына Старавойтава. — У нас ёсць выхавальнікі, якія працуюць па некалькі гадоў запар, некаторыя — з моманту адкрыцця лагера. Іх любяць і штогод менавіта да іх імкнуцца прыязджаць дзеці. Такім чынам закладваюцца, зберагаюцца і прымнажаюцца традыцыі, для нас гэта важна. Большасць выхавальнікаў набрана са штату педагогаў палаца: на зменах адначасова адбываецца перадача каштоўнага для моладзі вопыту, дзейсная прапаганда нашых аб’яднанняў па інтарэсах і для многіх, як я бачу, закладваюцца пэўныя прафесійныя арыенціры. Ёсць усе падставы спадзявацца, што неўзабаве ў лагеры будуць і выхавальнікі з ліку былых выхаванцаў. На гэтай змене мы працягваем цеснае ўзаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі і праваахоўнымі структурамі Віцебска і вобласці, сумесна з якімі на сёння ўжо праведзены тэатралізаваны інфармацыйны марафон “Таварыш Бяспечны інфармуе”, тымбілдынг “Зялёнае святло”, свята МНС “Аквашоу”. Усе нашы праграмы і праекты, апрабаваныя летам, арыентаваны на далейшае развіццё як у канікулярны час, так і на працягу навучальнага года ў фармаце заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара

Добавить комментарий