Малады спецыяліст Вікторыя Марцінкевіч сее добрае і вечная, працуючы у Заронаўскім дзіцячым садку Віцебскага раёна

Працаваць з дзецьмі яна марыла ўсё юнацтва. У 2020 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «Выкладчык рускай мовы і літаратуры. Літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік», але працаваць вырашыла ў дзіцячым садку. Так у жніўні мінулага года дашкольная ўстанова папоўнілася яшчэ адным перспектыўным маладым спецыялістам. Вікторыя Марцінкевіч расказвае, што амаль усё сваё жыццё пражыла ў вёсцы на Глыбоччыне, таму сельскі садок не напужаў, а толькі натхніў на рэалізацыю новых ідэй.

У адной рознаўзроставай групе сёння выхоўваюцца дзеткі ад 3 да 6 год. Нягле-дзячы на гэта, да кожнага тут знойдзены свой падыход, развіваюцца закладзеныя прыродай здольнасці. Ужо прывыклыя да новай выхавальніцы, яе штодзень сустракаюць пятнаццаць пар зацікаўленых вачэй. Ва ўстанове добра развіта інфраструктура, ёсць новы і разнастайны спортінвентар, развіваючыя гульні і адукацыйны матэрыял. Для дзетак тут створаны ўсе ўмовы, каб адчуваць сябе ў садку так жа ўтульна, як і дома. За выхаваннем невялікай групы стаіць моцны і згуртаваны калектыў, які з кожным днём імкнецца зрабіць «горад дзяцінства» ярчэй і лепей.

— Галоўнае ў нашай прафесіі — гэта, безумоўна, любоў да дзяцей. Да гэтага яшчэ можна дадаць стрэса-ўстойлівасць і ўменне знайсці ключык да кожнай маленькай душы, тады атрымаецца формула незгасальнага натхнення і адданасці сваёй справе, — разважае Вікторыя Марцінкевіч.

У гэтым годзе садок выпускае трох сваіх выхаванцаў у школьнае жыццё. На іх месца прыйдуць новыя дзеткі, якія з дапамогай калектыву садка будуць асвойваць навакольны свет і вучыцца любіць сваю малую радзіму. У выхаванні гэтых якасцей заключаецца сутнасць і найвялікшая радасць прафесіі педагога.

Аляксандра ПОБАЧ

Добавить комментарий