Маладая настаўніца Мазалаўскай школы прывівае вучням любоў да роднай мовы і радзімы

Нашы дзеці… Сур’езныя і паслухмяныя, гарэзлівыя і няўрымслівыя, але аднолькава дарагія для сваіх бацькоў, якія хочуць вырасціць іх здаровымі, усебакова адукаванымі, багатымі духоўна. Аднадумцам і саюзнікам у гэтым з бацькамі выступае школа.

Настаўніцай у трэцім класе Мазалаўскай сярэдняй школы працуе ўчарашняя выпускніца ВДУ імя П. М. Машэрава Кацярына Андрэеўна Хачкоўская. На ўроку беларускага чытання ў якасці размінкі дзеці з пачуццём прызнаюцца ў сваёй любві да роднай мовы: пявучая, мілагучная, шчымлівая, дарагая, любая… На гэтым фоне гучаць у запісе цікавыя «забаўлялкі» і калыханкі. Рабяты актыўна ўключаюцца ў спевы. Кацярына Андрэеўна знаёміць вучняў з тэмай урока — выразна чытае верш Генадзя Аўласенкі «Чыя мама лепшая?». Тут настаўніца ўмела выкарыстоўвае момант абагачэння дзяцей новымі словамі і паняццямі, прапануе расказаць хлопчыкам і дзяўчынкам аб працоўнай дзейнасці сваіх маці. У час гэтых расказаў з дзіцячых вуснаў чуюцца прыемныя эпітэты ў адрас матуль: любая, працаві-тая, пяшчотная, самая прыгожая… Кацярына Андрэеўна прапануе гульнёвую сітуацыю: хто назаве больш ласкавых слоў пра маці, той пераможа. Стараюцца ўсе: Настка, Дзяніс, Паліна, Даня і Кірыл. Хоча не адстаць ад сваіх сяброў і Ваня, але яму крыху складаней. На долю хлопчыка выпаў нялёгкі лёс — з нара-джэння ён апынуўся ў Доме дзіцяці. Зараз Ваня шчаслівы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Пісецкіх. Бацькі-выхавальнікі Вольга Уладзіміраўна і Аляксей Іванавіч клапоцяцца пра яго, а хлопчык імкнецца радаваць іх і дапамагаць. У класе Кацярына Андрэеўна з асаблівай цеплынёй адзначае поспехі Вані ў вучобе, асабліва прыкметныя яны ў матэматыцы. Вось настаўніца выклікае хлопчыка чытаць новы матэрыял, і ўвесь клас радуецца, як Ваня выразна чытае.

Добрае ўражанне выклікаюць набыткі ў вучобе вучняў усяго класа, што магчыма дзякуючы высокаму прафесіяналізму настаўніцы і зацікаўленай дапамозе бацькоў. Кацярына Андрэеўна з мяккай, ласкавай усмешкай, як добрая чараўніца, вядзе дзяцей у свет ведаў. У адказ вучні актыўна цягнуць свае ручкі ўгору, каб прадэманстраваць набытыя веды па роднай мове.

Пасля чытання — урок беларускай мовы. На класнай дошцы — маляўніча аформлены цягнік з ярка ззяючымі на вагончыках часткамі слова. Дзеці беспамылкова знаходзяць прыстаўку, корань, суфікс, канчатак. Самі ствараюць сказы і запісваюць у сшытак. Пад музычную кампазіцыю хлопчыкі і дзяўчынкі на ўмоўным цягніку накіроўваюцца ў падарожжа за новымі ведамі.

Урокі пралятаюць як адно цудоўнае імгненне, у творчым настроі, які стварае Кацярына Андрэеўна разам са сваімі стараннымі вучнямі.

А. ДРУЖКОВА

Добавить комментарий