Лічбавая трансфармацыя ў адукацыі: задачы, перспектывы і механізмы рэалізацыі

На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшло сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства адукацыі і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Парка высокіх тэхналогій, IT-супольнасці, рэктары ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі абмеркавалі пытанні мадэрнізацыі ІТ-адукацыі ў нашай краіне. У пасяджэнні прынялі ўдзел Міністр адукацыі І.В.Карпенка, Міністр сувязі і інфарматызацыі С.П.Папкоў, дырэктар Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій У.В. Янчэўскі.
— Дэкрэт № 8 прадугледжвае развіццё лічбавай эканомікі дзяржавы, стварае ўмовы для маштабнага ўкаранення інфармацыйных тэхналогій ва ўсіх сферах дзейнасці, — адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, міністр адукацыі І.В.Карпенка. — Дакументам прадугледжаны шэраг мер і для падтрымкі ІТ-адукацыі, падрыхтоўкі прафесійных крэатыўных спецыялістаў для лічбавай эканомікі. Акрамя таго, ён уздымае праблему гатоўнасці маладога пакалення для жыцця ў інфармацыйнай прасторы. Сістэма адукацыі ўжо ўключана ў гэты працэс і робіць пэўныя крокі. За апошнія пяць гадоў на ўзроўні вышэйшай адукацыі для падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы інфармацыйных тэхналогій адкрыта больш за 30 новых спецыяльнасцей і спецыялізацый на першай ступені, напрыклад “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”, “Эканоміка электроннага бізнесу” , “Электронны маркетынг”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і інш., 18 новых спецыяльнасцей магістратуры, такія як “Матэматычнае мадэляванне”, “Інфарматыка і тэхналогія распрацоўкі праграмнага забеспячэння” і г.д.
Штогадовы выпуск ІТ-спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй павялічаны прыкладна з 3 да 7 тысяч, гэта амаль у 2,5 разы. У цяперашні час падрыхтоўку спецыялістаў вядзе 21 установа вышэйшай адукацыі. Аб’ём падрыхтоўкі ў бягучым навучальным годзе на першай ступені больш за 20 тысяч чалавек, на другой ступені — больш за 2 тысячы. За апошнія дзесяць гадоў падрыхтавана больш за 42 тысяч спецыялістаў.
— На агульным фоне зніжэння набору па шэрагу спецыяльнасцей, асабліва юрыдычных і эканамічных, у нас ужо адбылося павелічэнне прыёма на ІТ-спецыяльнасці на 400 месцаў. Больш таго, калі высветліцца, што нам неабходна падкарэкціраваць гэтыя лічбы, то мы, па ўзгодненасці з Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам уступнай кампаніі, зможам разгледзець і магчымае павелічэнне лічбаў прыёму яшчэ па некаторых ІТ-спецыяльнасцях, — падкрэсліў міністр.
Як адзначалася, заказчыкам кадраў таксама неабходна актыўна ўключацца ў работу з моладдзю, пашыраць практыку падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, у тым ліку і на платнай аснове, пад заказ канкрэтных кампаній. “Трэба ўлічваць, што высокая дынаміка змяненняў тэхналагічнага ўзроўню прыводзіць да неабходнасці карэкціроўкі адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм у працэсе навучання. Калі-нікалі нават пасля таго, калі студэнты пачатковых курсаў прыступілі да вывучэння базавых дысцыплін, — лічыць І.В.Карпенка. — Для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне ІТ-тэхналогій асабліва важна гнуткасць і практыка-арыентаванасць навучання. Пры гэтым аператыўнае змяненне вучэбна-праграмнай дакументацыі з выкарыстаннем лепшых прыкладаў і міжнародных практык універсітэтамі павінна ажыццяўляцца з абавязковым удзелам заказчыка кадраў, высокатэхналагічных перадавых прадпрыемстваў, ІТ-кампаній. Гэтыя падыходы закладзены ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі”.
Па меркаванні Ігара Васільевіча, пры рэалізацыі праграм асноўнай і дадатковай адукацыі неабходна шырока выкарыстоўваць патэнцыял усіх сацыяльных партнёраў, вучэбных цэнтраў, ІТ-кампаній, у тым ліку і ПВТ. І такі вопыт у краіне ўжо ёсць. Напрыклад , БДУІР паспяхова працуе з сусветна вядомымі кампаніямі, ІТ-лабараторыямі. Падобныя праекты рэалізаваны і на базе іншых універсітэтаў. “Пры гэтым неабходна пашыраць удзел супрацоўнікаў ІТ-кампаній у рабоце дзяржаўных камісій. Шырокае пранікненне інфармацыйных тэхналогій ва ўсе сферы дзейнасці выклікае неабходнасць інтэграцыі прафесійных ІТ-кампетэнцый у адукацыйныя стандарты па ўсіх спецыяльнасцях. Гэта неабходна ўлічыць у рабоце з адукацыйнымі стандартамі пакалення “3+”, якія распрацоўваюцца і павінны пачаць укараняцца ў бягучым навучальным годзе”, — лічыць міністр адукацыі.
На думку міністра адукацыі, асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць фарміраванню ІТ-кампетэнцый педагагічных кадраў усіх узроўняў. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна, занятых у распрацоўцы і тэсціраванні праграмнага забеспячэння. Шэраг спецыяльнасцей пастаянна аднаўляецца па прапановах арганізацый-заказчыкаў кадраў. Бесперапынна ажыццяўляецца абнаўленне зместу адукацыйных праграм як на ўзроўні тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі, так і ў канкрэтных установах адукацыі, якія рэагуюць на змяненне патрэб арганізацый сферы ІТ, укараненне міжнародных стандартаў у прафесійнай адукацыі. Яркі прыклад таму міжнародны рух WorldSkills, у межах якога праводзяцца спаборніцтвы па 52 кампетэнцыях, сярод якіх — 4 у ІТ-сферы.

Галіна Сідаровіч, Наталля Калядзіч для прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Теги: ,

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *