Ёсць творчы кантакт!

Пераможцы рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” ўдасканальваюць свае работы і прапануюць новыя ідэі. Праект “Лялька.Бай” навучэнак Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна сёлета стаў фіналістам рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” і атрымаў шырокую вядомасць.

Па выніках навучальнага года аўтары праекта ўвайшлі ў лік лаўрэатаў маладзёжнай прэміі “Прызнанне”, якая ўручаецца на Глыбоччыне працавітым, ініцыятыўным, таленавітым і крэатыўным юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, грамадскай дзейнасці. Самаробныя лялькі заўсёды прыцягваюць увагу. Зробленыя старанна і з любоўю, яны палоняць сэрцы дарослых і дзяцей. Глыбоцкія лялькі, апранутыя з нацыянальным каларытам, яшчэ і з сакрэтам: яны навучыліся гаварыць на роднай мове. Каларытны Дзед Баюн расказвае беларускія казкі, абаяльныя Весялінкі спяваюць народныя песні, добрая Сплюша дапамагае салодка заснуць пад калыханку…  Справа ў тым, што ўнутры лялек схаваныя партатыўныя bluetooth-калонкі, якімі проста кіраваць з мабільнай прылады. Як надаць традыцыйнай беларускай ляльцы прывабнасці ў вачах сучасных дзяцей, прыдумалі ўдзельніцы аб’яднанняў па інтарэсах “Узорны тэатр моды “Аліса” і “Дэкаратыўны дызайн” Ксенія Хахолка, Кацярына Курдо, Юлія Атопкіна і Аксана Рудак, а потым некалькі месяцаў пад кіраўніцтвам педагогаў Аксаны Шпакавай і Ірыны Пачкоўскай стваралі вобразы казачных персанажаў. Знаёмыя лялькі за час пасля спаборніцтва відавочна папрыгажэлі, іх проста не хочацца выпускаць з рук! Дзяўчаты ўдала змянілі іх дызайн, акрамя таго, спеўная лялечная кампанія павялічылася. Зараз у задумах глыбачанак — удасканальванне тэхналогіі: распрацаваць кампактны варыянт галасавога модуля паабяцалі пераможцы “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Ілья Іваноў, Мікіта Кудзінаў і Дзяніс Сусалка. Дарэчы, і знакаміты “Жэстабот” (суправаджэнне праекта — педагог Ганна Шпакава) паступова ўдасканальваецца.  

— Спадзяёмся, што з нашай дапамогай праект “Лялька. Бай” будзе менш залежаць ад гатовых рашэнняў, — адзначыў Ілья. — Найбольшую каштоўнасць заўсёды ўяўляе менавіта арыгінальнае рашэнне пад канкрэтную распрацоўку. У нашым праекце мы прымянялі гатовыя кантролеры, аднак многае поўнасцю перапрацоўвалі самі, каб забяспечыць неабходны функцыянал. Цяпер у першую чаргу плануем удасканаліць праграмны код, каб зрабіць прататып яшчэ больш функцыянальным. Магчыма, зменім механіку, кінематыку рукі. Пакуль яна самая простая — крыху, вобразна кажучы, ад настольнай лямпы; пастараемся наблізіць яе да прамысловых маніпулятараў. Таксама плануем дапрацаваць праграмнае забеспячэнне, фільтры, каб павысіць дакладнасць рухаў “Жэстабота”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *