Фестываль прафесійнага майстэрства

У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі арганізавалі фестываль прафесійнага майстэрства. Ён атрымаў назву “Акадэмія-Профі”, а ўдзельнікамі сталі навучэнцы аграрна-тэхнічных каледжаў з усёй краіны.

Як паведаміў дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі У.У.Гусараў, першы фестываль прайшоў вясной сярод студэнтаў інжынерных спецыяльнасцей з мэтай ацэнкі якасці падрыхтоўкі і ступені засваення імі прафесійных кампетэнцый.

— Мы першапачаткова планавалі праводзіць фестываль з удзелам навучэнцаў аграрна-тэхнічных каледжаў. Карэктывы ўнесла пандэмія, аднак мы арганізавалі мерапрыемства зноў і наогул вырашылі зрабіць яго традыцыйным. Такі фестываль сапраўды патрэбны, бо ён дапамагае маладым людзям з прафесійным самавызначэннем, а таксама спрыяе падрыхтоўцы тэхнікаў-механікаў, канкурэнтаздольных на рынку працы, — паведаміў Уладзімір Уладзіміравіч.

Узнагароды атрымліваюць пераможцы фестывалю — прадстаўнікі Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Паводле яго слоў, зараз у “Акадэміі-Профі” ўдзельнічалі каманды васьмі аграрна-тэхнічных каледжаў з Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. На працягу трох дзён яны спаборнічалі ў прафесійнай падрыхтоўцы, спорце, знаёміліся з акадэміяй і проста адпачывалі.

Праграма спаборніцтваў складалася з чатырох этапаў. Першы — тэарэтычны — прахо­дзіў у форме камп’ютарнага тэсціравання, дзе кожны ўдзельнік павінен быў адказаць на 50 тэматычных пытанняў. Наступным этапам была зборка рухавіка ВАЗ-2106. Пасля ўдзельнікі рыхтавалі да работы ворны машынна-трактарны агрэгат у скла­дзе трактара “Беларус-920” і плуг “ПНО-3-35”. На выкананне задання адводзілася 30 мінут. За такі кароткі час удзельнікі фестывалю павінны былі цалкам падрыхтаваць трактар і плуг да ўзворвання. Завяршальным этапам спаборніцтваў стала заданне па візуальнай ідэнтыфікацыі дэталяў, якія сустракаюцца на трактарах, аўтамабілях і сельскагаспадарчых машынах. Удзельнікам спаборніцтваў прапаноўвалася вызначыць назвы 25 пранумараваных дэталяў, іх прызначэнне і сферу прымянення.

— Усе каманды паказалі добры ўзровень падрыхтоўкі. Разрыў у колькасці набраных ачкоў быў мінімальным. Адметна і тое, што фестываль прадугледжваў не толькі спаборніцтвы па прафесійным майстэрстве. Мы паказалі ўдзельнікам усё, чым жыве наш факультэт. Праграма ўключала экскурсію па акадэміі, сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі, спартыўныя мерапрыемствы. Хлопцы наведалі адну з галоўных нашых славутасцей — батанічны сад, пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай акадэміі, — адзначыў У.У.Гусараў.

Па выніках усіх этапаў спаборніцтваў, бронзавымі прызёрамі сталі навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка. Другое месца заваявала каманда Крычаўскага дзяржаўнага прафесійнага агратэхнічнага каледжа. А пераможцам фестывалю сталі прадстаўнікі Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Усе прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі, арыгінальнымі кубкамі і каштоўнымі падарункамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *