Быць дастойнымі памяці героя

Імя легендарнага партызанскага камбрыга Данііла Райцава прысвоена сярэдняй школе № 42 Віцебска

Лейтматывам урачыстасці з удзелам старшыні адміністрацыі Першамайскага раёна горада Мікалая Арлова, начальніка аддзела па адукацыі гарвыканкама Ігара Кіруценкі, старшынь гарадскога савета ветэранаў Ларысы Аленскай і савета ветэранаў Першамайскага раёна Леаніда Цітова, пляменніцы Данііла Райцава Вольгі Талочка стала крылатае “Героямі не нараджаюцца — імі становяцца”. Уручаючы дырэктару Людміле Лозінай пасведчанне аб прысваенні ўстанове адукацыі імя славутага земляка, Мікалай Арлоў падкрэсліў: “Лёс Данііла Райцава — надзейны жыццёвы арыенцір для сучасных школьнікаў”.

— Кожны куток Віцебскай зямлі так ці інакш звязаны з трагічнымі і гераічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыў Мікалай Арлоў. — У справе захавання гістарычнай праўды, памяці аб народным подзвігу велізарную ролю адыгрывае патрыятычнае выхаванне моладзі, якой трэба бачыць перад сабой яркі ўзор сумленнасці і гонару, доблесці і гераізму, патрыятызму, незвычайнай працаздольнасці, самаахвярнага служэння Радзіме і народу. Такім узорам з’яўляецца і чалавек, чыё імя атрымала школа.

Данііл Райцаў нарадзіўся 5 красавіка 1914 года ў вёсцы Міхалкова Віцебскага павета ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Курынскай пачатковай школе, затым — у фабрычна-заводскай сямігодцы пры шкло­заводзе “Ноўка”. Пасля заканчэння шасцімесячных курсаў настаўнікаў вярнуўся працаваць у родную школу, праз два гады паступіў на землеўпарадкавальны факультэт Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, у 1935 годзе быў датэрмінова накіраваны на работу па выдачы калгасам дзяржаўных актаў на вечнае карыстанне зямлёй у Суражскі раён. З красавіка 1941 года па рашэнні Віцебскага абкама КП(б)Б задзейнічаны на ваенным спецбудаўніцтве ў пагранічнай зоне на пасадз­е начальніка геадэзічнай групы. На пачатку Вялікай А­йчыннай вайны Данііл Фядотавіч з групай з 17 чалавек пакінуты для арганізацыі барацьбы ў тыле ворага. У красавіку 1942 года атрад Данііла Райцава ўвайшоў у склад 1-й Беларускай партызанскай брыгады Міная Шмырова, а ў лістападзе таго ж года на базе вылучанага з брыгады атрада была ўтворана партызанская брыгада імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола пад камандаваннем Данііла Райцава, якая неўзабаве вырасла да 2 тысяч чалавек. На яе рахунку — 36 пушчаных пад адхон эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай захопнікаў, 54 узарваныя чыгуначныя і шасэйныя масты, каля 4 тысяч знішчаных гітлераўцаў; звыш 8 тысяч чалавек народныя мсціўцы пераправілі праз Суражскія вароты ў шэрагі дзеючай арміі. У баях і змаганні з акупантамі партызан натхняў адвагай прыклад іх камандзіра. Вядома, што Данііл Фядотавіч не раз асабіста прыходзіў у Віцебск на сувязь з падпольшчыкамі. За галаву партызанскага камбрыга фашысты прызначылі вялікую ўзнагароду — здраднікаў не знайшлося. Не маючы магчымасці схапіць Данііла Райцава, фашысты ўзялі ў заложнікі і расстралялі яго бацьку, маці, сястру і яшчэ чатырнаццаць блізкіх родных, дзвюх сясцёр адправілі ў канцлагер. Каб выжыць, некаторыя сваякі змагара называлі сябе іншымі прозвішчамі — і ім пашанцавала, бо аднавяскоўцы іх не выдалі. Пасля вайны Данііл Фядотавіч кіраваў Віцебскім міжраённым упраўленнем асушальных і арашальных сістэм, узначальваў Суражскі райвыканкам, актыўна ўдзельнічаў у ветэранскім руху. Данііл Райцаў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, “Знак пашаны”, а таксама пятнаццаццю медалямі. У 1966 годзе яму прысвоена званне “Заслужаны меліяратар Беларускай ССР”, у 1974 годзе — званне “Ганаровы грамадзянін горада Віцебска”. Сэрца героя перастала біцца 3 чэрвеня 1996 года. У абласным цэнтры імя Д.Ф.Райцава носіць вуліца; сёлета ў канцы верасня на доме № 15 па праспекце Генерала Люднікава, дзе ён жыў апошнія гады, была адкрыта мемарыяльная дошка.

— У Данііла Райцава былі чатыры сястры, — расказала Вольга Талочка. — Мая маці ўцалела толькі цудам: як за самую малодшую, за яе родныя асабліва непакоіліся, таму вырашылі і паспелі пераправіць за лінію фронту. Я рана засталася без бацькі, мне яго замяніў Данііл Фядотавіч. З дзяцінства бачыла: яму давяралі, яго паважалі і любілі, да яго ішлі людзі. Гэта быў чалавек-легенда, ростам вялікі і вялікай душы.

Святочнае мерапрыемства, арганізаванае навучэнцамі і педагогамі сумесна з сябрамі школы, атрымалася кароткім па часе, аднак адметным і незабыўным па ўражаннях. Напярэдадні выпускнік мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава Юрый Дубоўскі ўвасобіў постаць героя на фасадзе школьнага будынка — права зняць белае палатно і адкрыць выяву даверылі ганаровым гасцям урачыстасці.

— Дзякуй такім людзям, як Данііл Фядотавіч, што мы радуемся сонцу, гадуем дзяцей і ўнукаў пад мірным небам, маем магчымасць кахаць, марыць, увасабляць свае ідэі ў жыццё, — ад імя калектыву выказала меркаванне Людміла Лозіна. — Мы шануем памяць Данііла Райцава і ганарымся тым, што наша школа стала часткай яго жыцця, бо героі не паміраюць — яны працягваюць жыць у гісторыі народа, сэрцах удзячных нашчадкаў!

Юныя таленты школы падрыхтавалі яркую канцэртную праграму. Уражальным момантам урачыстасці стаў выхад групы ў складзе 20 навучэнцаў з партрэтамі герояў Вялікай Айчыннай вайны. Прысутныя ўшанавалі памяць Данііла Райцава ўскладаннем кветак; як знак міру ўзляцелі ў неба з дзіцячых рук белыя галубы…

— Кіраўніцтва Першамайскага раёна, сістэма адукацыі горада і раёна праводзяць велізарную работу па ўвекавечванні памяці тых людзей, якія ўнеслі неацэнны ўклад у перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, — акцэнтавала ўвагу Ларыса Аленская. — Няхай аддаляюцца гады ваеннага ліхалецця, але памяць, павага перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Мы памятаем, Беларусь памятае, памятаюць кожны населены пункт, установа адукацыі, культуры, працоўныя калектывы тых, хто абараніў нашу Айчыну, змагаўся на фронце, у партызанскіх атрадах, падполлі, працаваў у глыбокім тыле пад лозунгам “Усё для фронту, усё для Перамогі”. Гэтае ўнікальнае адзінства патрыятычных пачуццяў нашага народа дапамагло выстаяць і перамагчы. Мне ў жыцці пашанцавала: я сустракалася з Даніілам Фядотавічам, калі працавала ў Віцебскім гарадскім Савеце дэпутатаў. Як зараз перад вачыма паўстае гэты магутны, добразычлівы, па-жыцейску даступны чалавек, з якім цікава было пагаварыць. Пра вайну ён не любіў расказваць, затое заўсёды быў гатовы падтрымаць і парадай, і справай. Жадаю вам быць дастойнымі імя Данііла Райцава, вучыцца на яго прыкладзе сапраўднай любові да Радзімы, каб нашым дзядам і прадзедам не было сорамна за адносіны сучаснікаў да гістарычнай памяці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *