Адзінства — у партнёрстве і супрацоўніцтве

У рамках рабочага візіту ў нашу краіну дэлегацыя Міністэрства адукацыі Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі на чале з кіраўніком ведамства Сяргеем Федарчуком наведала Віцебшчыну.

Зыходным пунктам маршруту раніцай 17 ліпеня стаў ВДУ імя П.М.Машэрава, дзе адбылася сустрэча міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі, намесніка міністра Аляксандра Кадлубая і расійскіх гасцей з кіраўніцтвам, выкладчыкамі, студэнцкім актывам універсітэта. Рэктар Валянціна Багатырова азнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з асноўнымі вехамі больш чым 110-гадовай гісторыі ўстановы вышэйшай адукацыі, правяла прэзентацыю яе адукацыйнага і навукова-вытворчага патэнцыялу, праінфармавала аб значных інавацыйных распрацоўках і дасягненнях калектыву. Ключавой тэмай размовы было далейшае двухбаковае супрацоўніцтва ў напрамку сеткавага ўзаемадзеяння і IT-спецыяльнасцей.

У культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо Віцебска “Дзвіна” Ігар Карпенка і яго расійскі калега разам з першым сакратаром Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі членам Савета Рэспуб­лікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзмітрыем Варанюком і старшынёй Расійскага Саюза Моладзі членам Грамадскай палаты сёмага склікання Расійскай Федэрацыі Паўлам Краснаруцкім выступілі ў якасці экспертаў адкрытага дыялогу “Агні народнага адзінства”. Да размовы аб перспектывах развіцця маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы далучыліся ўдзельнікі дэлегацый Новасібірскай вобласці, Расійскага Саюза Моладзі і дружная каманда цягніка #БеларусьМоладзьАдзінства.

— У развіцці трэба ісці ад жыцця, — па­дзяліўся развагамі Ігар Карпенка. — Варта згадаць гісторыю сваёй сям’і, свайго народа, суседзяў, сяброў — і ўсё стане ясна і зразумела. З асабістага пункта погляду: я нарадзіўся ў Новакузнецку Кемераўскай вобласці, у першы клас пайшоў ва Украіне, а з 1974 года вучыўся і закончыў школу ў Полацку. Дарэчы, ад мясцовага аэрадрома, на які мы некалі прыляцелі пры пераездзе ў Беларусь, засталася толькі назва: там цяпер вырас новы мікрараён, дзе ў тым ліку дзякуючы дзяржаўнай дапамозе, сучасныя кватэры атрымалі шматдзетныя сем’і. Пры знаёмстве з Полацкам мяне моцна ўразілі помнік беларускаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыну ў цэнтры горада, мноства гістарычных аб’ектаў. У пэўнай ступені гэта прадвызначыла мае далейшыя памкненні, паступленне на гістарычны факультэт, філасофска-ідэалагічныя пазіцыі. У арміі я служыў у Падмаскоўі. Новасібірск — радзіма маёй бабулі; родны брат, сваякі жывуць у Расіі. Калі кожны з нас уважліва паглядзіць на гісторыю, то выразна ўбачыць непарыўныя ніці, што звязваюць нашы народы. Трываласць адчування і разумення такой узаемнай сувязі залежыць ад таго, наколькі мы паглыблены ў традыцыі, на якіх будавалі жыццё продкі і якія яны перадалі нам у спадчыну. 

Звяртаючыся да ўдзельнікаў маладзёжнага цягніка, Ігар Васільевіч асобна падкрэсліў: удзел у праекце раскрывае перад імі магчымасці расказаць пра ўласныя ініцыятывы, даць пачатак новым карысным і цікавым справам, знайсці аднадумцаў для іх ажыццяўлення, а таксама адкрыць для сябе раней невядомую Радзіму, яе населеныя пункты і памятныя мясціны. Пастаянна ўмацоўваюцца і кантакты з Расіяй, таму парадак дня маладзёжных абменаў, сумесных праектаў вельмі актуальны і раскрывае прывабныя далягляды. Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь паведаміў аб падрыхтоўцы праекта нарматыўнага акта аб выдзяленні грантаў пад сацыяльна значныя мала­дзёжныя ініцыятывы. Аўтараў прарыўных, канструктыўных ідэй заўсёды гатовы падтрымаць і на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. Адказваючы на пытанні юнакоў і дзяўчат, Ігар Карпенка зрабіў акцэнт на асобных аспектах і перспектывах партнёрства з Новасібірскай вобласцю ў галіне адукацыі, уключаючы арганізацыю і дзейнасць дзіцячых тэхнапаркаў, маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, а таксама вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, трансляцыю лепшага педагагічнага вопыту і стажыроўкі педагогаў, развіццё Цэнтра беларускай мовы і культуры ў Новасібірску.

— Мне будучыня маладзёжнай палітыкі бачыцца ў простых рэчах, — адзначыў Сяргей Федарчук. — Мы павінны памя­таць. Памяць робіць нас людзьмі, захоўвае любоў, надзею і веру ў тое, што мы робім. Памяць збліжае нас з нашымі продкамі. Для мяне як для гісторыка Беларусь — гэта найперш карані. Як для чалавека, які нарадзіўся і вырас у савецкі час, — гэта частка адзінай вялікай Айчыны. Нас раздзяляюць дзяржаўныя межы, але беларускі народ для мяне родны. Тут жывуць лю­дзі, якія думаюць, выхоўваюць дзяцей, мараць аб будучыні, як я. Нас аб’ядноўваюць мова і гісторыя. Багацце агульнай старажытнай рускай культуры належыць тром брацкім усходнеславянскім народам. Мы часта ўспамінаем падзеі Вялікай Айчыннай вайны — а як не ўспамінаць, калі практычна ў кожнай нашай сям’і яна пакінула глыбокія раны?! Па вялікім рахунку мы людзі адной цывілізацыі, для якой аснова асноў — духоўна-маральны закон, разуменне справядлівасці. У нас вельмі шмат агульнага ў бачанні мінулага і будучыні. Мае продкі з Чаркаскай вобласці Украіны — там зараз выкарчоўваюць сувязь з нашай прарадзімай. Так рабіць нельга, бо без каранёў народ перастане існаваць: ад бяспамяцтва да забыцця адзін крок. Нарэшце, усе мы хочам жыць шчасліва. Мне здаецца, будучыня маладзёжнай палітыкі — шчасце канкрэтных людзей, калі сама палітыка бу­дзе прыводзіць да таго, што чалавек будзе адчуваць сябе часткай вялікага народа і бачыць у гэтым народзе, сваёй краіне будучыню для сябе, сваёй сям’і і сваіх нашчадкаў. Род чалавечы быў задуманы якраз для таго, каб мы завяршалі добрыя справы продкаў і ішлі наперад. Веру, што ў нашых народаў вялікая будучыня і яна ў нас з вамі агульная.

Пра ўмацаванне сяброўства, адзіныя падыходы, сумесныя мэты, праекты і праграмы ў рамках Расійска-Беларускага саюза моладзі расказалі Дзмітрый Варанюк і Павел Краснаруцкі. Зададзеныя маладымі людзьмі пытанні закраналі шырокае поле актуальных праблем — ад напрамкаў развіцця вышэйшай школы і міжуніверсітэцкіх кантактаў да ўзаема­дзеяння з нефармальнымі маладзёжнымі аб’яднаннямі, і на кожнае эксперты далі і вычарпальныя адказы. 

Пасля завяршэння адкрытага дыялогу міністры падпісалі План мерапрыемстваў на 2021—2023 гады Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Новасібірскай вобласці (Расійская Федэрацыя) у сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі. Пратакол аб намерах паміж Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Агенцтвам падтрымкі маладзёжных ініцыятыў (Новасібірская вобласць) падпісалі Дзмітрый Варанюк і дырэктар агенцтва Павел Бачанаў, пратакол аб намерах паміж Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Сусветнай федэрацыяй спілс-карт — Дзмітрый Варанюк і прэзідэнт арганізацыі Яўген Цюрыкаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий